top of page

З кожным годам рэгіструецца ўсё больш выпадкаў смяротных, невылечных захворванняў, у тым ліку анкалагічных. І людзі шукаюць любую, нават самую нязначную магчымасць, каб прадоўжыць, захаваць жыццё…

І тут жа, у адным радзе з гэтым неверагодным жыццялюбствам, стаяць выпадкі самагубстваў, і часцей за ўсё поўнасцю здаровых маладых людзей. Канечне ж за кожным з гэтых выпадкаў - трагедыя (трагедыя ў разуменні таго, хто вырашыў расстацца з жыццём), але ці можна назваць гэта выхадам, рашэннем праблем, якімі б складанымі яны не былі?

 

Суіцыд (самазабойства, самагубства) – гэта свядомае пазбаўленне сябе жыцця. За апошнія гады павялічылася колькасць выпадкаў самазабойстваў ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Намерана пазбаўляюць сябе жыцця як падлеткі (чый узрост становіцца ўсё больш маладым), так і людзі сярэдняга працаздольнага ўзросту 30-50 гадоў (часцей за ўсё гэта мужчыны). Дарэчы кажучы, на кожны з гэтых узростаў прыпадае пэўны крызіс. Так, прыблізна ў 13 гадоў – крызіс падлеткавага ўзросту, калі пачынаюцца змяненні ва ўсім арганізме, падлетак становіцца нястрыманым, канфліктным, пачынае задумвацца аб сэнсе жыцця. І ў 30-45 гадоў – крызіс сярэдняга ўзросту, калі з’яўляюцца сумненні наконт свойго месца ў жыцці, і ёсць небяспека страты жыццёвых каштоўнасцей. У апошнія гады ўсё часцей сустракаюцца самагубствы сярод старых людзей.

Штогод у свеце рэгіструецца каля 1 млн. самазабойстваў, гэта калі не лічыць тых выпадкаў, якія ўдалося папярэдзіць.  

 Што ж можна аднесці да ліку прычын, якія прыводзяць да гэтага незваротнага ўчынку.

У лік сітуацый рызыкі і падзей, якія могуць справацыраваць здзяйсненне суіцыдальных намераў, могуць уваходзіць:

1.Праблемныя сітуацыі, якія чалавек успрымае як невырашальныя:

- Непрыемнасці ў сям’і.

- Смерць блізкага, любімага чалавека.

- Разрыў адносін з любімым чалавекам.

- Міжасабовыя канфлікты.

- Вялікія матэрыяльныя страты.

- Праблемы з дысцыплінай і законам.

- Запалохванні, здзекі.

- Здрады, расчараванні.

- Беспрацоўе.

- Невылечныя захворванні альбо невыносныя  болі.

2.Сітуацыі, якія чалавек успрымае як крыўдныя, сарамлівыя, несправядлівыя.

3. Адзінота і страта сэнсу жыцця.

4.Жаданне дастукацца да сэрцаў блізкіх людзей, прыцянуць іх увагу да сваіх праблем (асабліва гэта распаўсюджана сярод падлеткавых самагубстваў).

Чалавека, які мае намер закончыць жыццё самагубствам, можна пазнаць па наступных прыметах:

  • парушэнні апетыту, сну;

  • павышаная узрушанасць, усплескі раздражняльнасці;

  • неахайны знешні выгляд;

  • схільнасць да хуткай перамены настрою (чаго раней не было);

  • аддаленне ад сям’і і сяброў;

  • празмерная рызака ў паступках;

  • выражэнне безнадзейнасці, паглыбленасць у думкі аб смерці, размовы аб сваім пахаванні;

  • адкрытыя заявы: “Ненавіжу жыццё”, “Не магу гэтага больш выносіць”, “Жыць не хочацца”, Нікому я не патрэбен”.

Як жа можна папярэдзіць такую з’яву ў грамадстве, як намеранае пазбаўленне сябе жыцця. Што ў нашым грамадстве не так? Чаму людзям не хочацца працягваць жыць далей. Можа прычына ў тым, што большасці людзей няма ніякай справы да суседзяў, калег па рабоце і проста прахожых. Вельмі часта мы праходзім міма чужой бяды, трагедыі. Дапамога ж у цяжкай сітуацыі ў першую чаргу павінна заключацца ў элементарнай падтрымцы. Гэта ж зусім не цяжка. Неабходна проста выслухаць другога чалавека,  даць яму выказацца, “выліць” усё набалелае, падтрымаць спагадлівым словам. І паверце, чалавеку адразу стане лягчэй. І зусім не абавязкова, а дакладней кажучы і непатрэбна, даваць нейкія канкрэтныя парады (што можа нават нашкодзіць). Чалавек сам прыйдзе да нейкага аптымальнага рашэння. Яму ў цяжкую хвіліну патрэбна толькі падтрымка, усведамленне таго, што ёсць неабыякавыя да яго лёсу людзі.

У верасні ва ўсіх школах раёна, дзе ёсць педагогі-псіхолагі ці педагогі сацыяльныя праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы суіцыдальнай рызыкі.       Але ці толькі педагогі ў сілах папярэдзіць самазабойствы сярод падлеткаў? Шмат што залежыць і ад бацькоў. Хочацца зрабіць заклік да іх.

- Адносцеся да дзіцяці ласкава, прызнавайце яго правы, праяўляйце ўвагу да яго настрою, знешняга выгляду, да яго праблем.

- Стварайце сітуацыі эмацыянальнага камфорту, каб дзіця адчувала сябе ўпэўненым і абароненым.

Любіце жыццё! Яно даецца толькі адзін раз.

                                                         

К.А. Шапель, педагог-псіхолаг

ДУА “Навагрудская спецыяльная

агульнаадукацыйная школа-інтэрнат

для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы”

Жыць альбо не жыць... 

А ці павінна стаяць такое пытанне!?

© 2016 «КАБИНЕТ ПСИХОЛОГА». Wix.com

  • Белая иконка facebook
  • Иконка Twitter с прозрачным фоном
  • белая иконка googleplus
bottom of page